АДНАЎЛЕННЕ СВЯТЫНЬ ПРАЦЯГВАЕЦЦА

У раёне працягваецца добраахвотная рэспубліканская акцыя “Адновім святыні разам”

На гэты раз баявы і рашучы дэсант маладых актывістаў грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” высадзіўся каля святой крыніцы ў вёсцы Крупа. Месца гэта асабліва ўпадабана вернікамі раёна, якія штогод на Вадохрышча і ў дзень памяці раўнаапостальнага князя Уладзіміра збіраюцца тут на святочны малебен, каб акунуцца ў купелі і набраць гаючай вады. Дарэчы, людзей вакол святой крынічкі заўсёды шмат і едуць яны сюды ў будні і святы за цудадзейнай вадой. Таму і вырашылі актывісты з ліку членаў пярвічных арганізацый маладзёжнага аб’яднання Бярэзінскага Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, Бярэзінскага РГЭЗ філіяла ВУ “Барысаўгаз” і адкрытага акцыянернага таварыства “Уша” аднавіць сваімі сіламі выгляд рэлігійнага аб’екта.

Тут былі пафарбаны альтанкі, агароджа, вароты і крыж, ­ гаворыць выконваючая абавязкі першага сакратара РК ГА “БРСМ” Алеся Гурынава. ­ Такім чынам, мы ўжо паспелі навесці парадак яшчэ на адным рэлігійным аб’екце раёна і набліжаемся да завяршэння першага этапу акцыі.

Як вядома, ён працягнецца да жніўня. Таму ў кожнага члена маладзёжнага аб’яднання яшчэ застаецца час прыняць удзел у добрых справах па захаванні культурнай і духоўнай спадчыны раёна. Варта нагадаць, што стаць удзельнікам акцыі могуць і маладыя майстры дэкаратыўна­прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва на духоўную тэматыку. Лепшыя работы, фотаздымкі, макеты культавых аб’ектаў можна будзе пабачыць у час завяршальнага этапу, які пройдзе ў Міжнародны дзень міру 21 верасня ў форме тэматычнай выставы і “Адкрытага дыялогу” ў Мінску.

1

2

Мілана ТРАПЯНОК