СЭРЦАМ АДДАНЫЯ ЛЮБАМУ КРАЮ

                У СЛУЦКУ ПАСПЯХОВА І ПАКАЗАЛЬНА ПРАЙШЛО  ВЫЯЗНОЕ ПАСЯДЖЭННЕ МІНСКАГА АБЛАСНОГА  САВЕТА ВЕТЭРАНАЎ ДЭПАРТАМЕНА АХОВЫ МУС, ПРЫМЕРКАВАНАЕ ДА ГОДА  МАЛОЙ РАДЗІМЫ .
Удзельнікаў сёмага штогадовага мерапрыемства, у рамках якога адбыўся чарговы вучэбна-метадычны сход кіраўнікоў пярвічных арганізацый падраздзяленняў Міншчыны, сардэчна і шчыра віталі начальнік аднаго са старэйшых аддзелаў ДА ( у мінулым снежні яму споўнілася 65)  падпалкоўнік міліцыі Ігар Біркас, яго намеснік па ідэалогіі маёр міліцыі Аляксандр Долбік, важак мясцовых «соў»-пенсіянераў былы намеснік камандзіра роты маёр міліцыі ў запасе МІкалай Пракаповіч. Уся  дзейнасць апошняга звязана з ягонай малой радзімай, якую ён пакідаў на пэўны час толькі двойчы — для вучобы ў Гродзенскім тэхнікуме фізкультуры ды вайсковай службы ў мінскіх Соснах, адкуль вярнуўся сяржантам. Дарэчы, завочна скончыў фізічную і міліцэйскую акадэміі. Працаваў настаўнікам фізкультуры Знаменскай сярэдняй школы, трэнерам раённай ДЮСШ. У ахову прыйшоў у лістападзе 97-га. Пачынаў інструктарам па баявой падрыхтоўцы. Пасля займаў пасады інспектара, старшага інспектара службы кадраў, намесніка начальніка аддзела, намесніка камандзіра роты. З мая 2016-га — спецыяліст па кадрам першай катэгорыі. Пад ягоным кіраўніцтвам пярвічка павялічылася з 25 да 43 чалавек. Больш толькі ў Маладзечне, Барысаве ды апараце кіравання абласной службай. Зрабіць штодзённае жыццё сваіх таварышаў насычаным добрымі ўчынкамі, падзеямі і цікавымі сустрэчамі Мікалаю Мікалаевічу моцна дапамагаюць былы галоўны фінансіст аддзела капітан міліцыі ў запасе Наталля Трухан, былы міліцыянер-вадзіцель групы затрымання запасны прапаршчык міліцыі Сяргей Міснік, былы афганец адстаўны капітан міліцыі Уладзімір Аляшкевіч. У цяжкі час яны заўжды побач са  сваімі сябрамі. У іх ліку  інваліды другой групы, адстаўныя міліцыянеры былы начальнік аддзела маёр Яўген Караткевіч, старшыны Васіль Солап і ўдзельнік Вялікай Айчыннай легендарны ардэнаносец Міхась Багдашыч, сын памерлага франтавіка, які ў свой час узначальваў аддзел, падпалкоўніка міліцыі Мікалая Пуціка Віктар, якому дапамагаюць утрымліваць у належным стане магілу бацькі. Дзякуючы пералічаным актывістам і моладзі, у добрым стане сёння і месца пахавання яшчэ аднаго героя вайны міліцэйскага старшыны Васіля Хмялёва.
Такія адносіны жывых да памяці папярэднікаў, якія адышлі ў нябыт, заслугоўваюць увагі,  павагі і падзякі, падкрэсліў у сваім выказванні на пасяджэнні старшыня абласнога савета ветэранаў аховы адстаўны палкоўнік міліцыі Уладзімір Арлоўскі. Ён адзначыў, што зацверджаная Саўмінам у мінулым ліпені рэспубліканская праграма мерапрыемстваў па правядзенні 2018 — 2020 гадоў пад знакам Года малой радзімы прадугледжвае навядзенне парадку ў месцах пахавання і падтрыманне іх у належным санітарным стане. Абласны савет ставіць мэтай агульнымі намаганнямі паспяхова вырашыць гэтае пытанне «на сваіх тэрыторыях», а гэтаксама, разам з саветам ветэранаў дэпартамента и сябрамі БРСМ прыняць удзел у суботніках ды іншых акцыях па добраўпарадкаванні помнікаў, памятных  і мемарыяльных знакаў загінулым у розныя часы і пры розных акалічнасцях ахоўнікам. Маладыя ветэраны і дзеючыя супрацоўнікі не застануцца, у той жа час, у баку ад прадугледжанай праграмай глабальнай экалагічнай кампаніі «Добраўпарадкуем малую радзіму». Яна ўключае ў сябе прывядзенне ў поўны парадак мемарыяльных комплексаў, месц баявой и воінскай славы, пахаванняў супрацоўнікаў, якія змагаліся з ворагам на перадавой і ў партызанах. Пры гэтым ні ў якім разе не павінна аслабнуць цяперашняя пільная ўвага да таго ж Міхаіла Канстанцінавіча Багдашыча, Веры Іванаўны Козел з Салігорска, Галіны Карпаўны Калеснік з Барысава, Васіля Аляксеевіча Курзы з Мінска і Кастуся Уладзіміравіча Мельнікава з Дзяржынска, якія прайшлі суровымі дарогамі вайны. Чалавек з вялікім жыццёвым і кіраўніцкім досведам, Уладзімір Арлоўскі добра ведае, як выконваючы якую-небудзь чарговую  пастанову, некаторыя забываюць пра тое, што сёння застаецца гэтаксама важным для калектываў. У першую чаргу маецца на ўвазе ўсебаковая падтрымка інвалідаў.
ДАПАМАГАЦЬ І МАРАЛЬНА, І МАТЭРЫЯЛЬНА
Правадыр абласных ветэранаў з вялікай удзячнасцю ў адрас кіраўніцтва, і асабіста начальніка ўпраўлення палкоўніка міліцыі Алега Царука (ён дапамог, дарэчы, правесці сёлетнюю сустрэчу ў Слуцку на самым высокім узроўні) заўважыў: трэцяга снежня мінулага года ў калектывах вельмі годна адзначылі Дзень інвалідаў, які ўпершыню з’явіўся ў календарах 20 гадоў таму. Пра  жыццёвыя патрэбы тых, хто поўнасцю або часткова страціў працаздольнасць у выніку ранення, знявечання ці хваробы гарачая душэўная размова ішла, нагадаў старшыня абласнога савета, на мінулагоднім пасяджэнні, якое праходзіла ў Смалявічах. Вынікам той размовы  стала канкрэтная грашовая ды іншая дапамога ўсім, каму ў той ці іншы момант яна была вельмі і вельмі патрэбная. Да апошняга ягонага зямнога дня падтрымлівалі 61-гадовага старшыну міліцыі ў адстаўцы Віктара Пілецкага (ён быў у вобласці адным з семярых ахоўнікаў з першай групай) 17 сяброў капыльскай пярвічкі пад началам адстаўнога маёра міліцыі, надзейнага и незвычайна адказнага таварыша і кіраўніка Станіслава Захарыка. Як і Мікалай Пракаповіч, ён не ўяўляе сябе без жыцця і творчых заняткаў у родным краі. Пасля заканчэння 2-й гарадской сярэдняй школы  працаваў настаўнікам фізічнага выхавання ў Старыцкай СШ. Але з роднай навучальнай установай не развітаўся — вярнуўся ў яе, скончыўшы інстытут фізкультуры, ужо ў якасці выкладчыка. Прывіваць падлеткам фізічную культуру  працягваў і пасля службы ў войску ў Германіі. У верасні 77-га  камсамольская пуцёўка прывяла ў мясцовы райаддзел міліцыі, дзе амаль чвэрць стагоддзя адпрацаваў старшым інспектарам па справах непаўналетніх.
Набыты  досвед спатрэбіўся пенсіянеру органаў унутраных спраў на новай пасадзе — выхавацеля дапаможнай школы-інтэрната, адкуль ён перайшоў вартаўніком у аддзяленне аховы. Неўзабаве ўзначаліў у ім падраздзяленне, якое адказвала за даручаныя для назірання аб’екты, і якім прыкладна кіраваў да верасня 2016-га. Не застаецца ветэран без працы ў райцэнтры і сёння. Знаходзіць пры гэтым час па-гаспадарску дагледзець бацькоўскі дом, сад і гарод жонкі Валянціны ў вёсцы Вошкаты. Мясцовыя жыхары, з якімі ён падтрымлівае сонечныя адносіны, яго добра ведаюць і прыязна адносяцца да ўсёй прыгожай сям’і, у складзе якой дачка Святлана і сын Аляксандр. Унукі таксама не забываюць радзіму дзеда, бываюць на ёй не гасцямі. Святлана узначальвае Капыльскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яе брат пасяліўся ў Барысаве і служыць у сумеснай гандлёвай фірме. Ён  рэгулярна перадае палкае прывітанне сябру бацькі — важаку мясцовых ветэранаў маёру міліцыі ў запасе Уладзіміру Панцялею.
Выпускнік Барысаўскага СПТВ-85 па спецыяльнасці слесар-рамонтнік і Мінскай сярэдняй спецыяльнай школы  міліцыі з’явіўся ў складзе праваахоўнікаў пасля воінскай службы ў шырока вядомым не толькі ваенным астраханскім Капусціным Яры. У кастрычніку 1947-га на новым палігоне быў праведзены першы ў Саюзе пуск балістычнай ракеты дальняга дзеяння, сабранай на аснове вузлоў і агрэгатаў нямецкай  А-4. Падчас выканання перад краінай свайго грамадзянскага абавязку хлопцам з барысаўскай вёскі Касцюкі там выпрабоўваліся разнастайныя лятальныя апараты з ракетным рухавіком малой і сярэдняй дальнасці, комплексы і ракеты супрацьпаветранай абароны. Да знаёмства з аховай былы ракетчык працаваў  на розных міліцэйскіх пасадах. У складзе зводнага атрада Міншчыны ліквідаваў наступствы аварыі на ЧАЭС. Барысаўскі аддзел аховы стаў апошнім месцам службы старшага інспектара-кадравіка. Праз дзевяць гадоў ён пераступіў парог улюбёнага  будынка, каб працягнуць працу спецыялістам па кадрах другой катэгорыі. Падчас ветэранскага форуму ён шчыра прызнаўся з трыбуны, што да сваіх ветэранаў-інвалідаў першай групы старшых сяржантаў міліцыі ў адстаўцы 77-гадовага Генадзя Механікава і 67-гадовага Анатоля Анціпава у дружным калектыве адносяцца з асаблівым піетэтам. Анатолю Якаўлевічу, які шмат часу правёў у радыёактыўнай зоне, перанёс інсульт і пакутвае на анкалагічнае захворванне, сабралі нядаўна дадаткова патрэбныя на лекі грошы.
У Мядзельскім аддзяленні, якое ўзначальвае капітан міліцыі Аляксей Пруднікаў, добра разумеюць, як цяжка даводзіцца інваліду першай групы, былому афганцу, адстаўному прапаршчыку міліцыі Міхаілу Захарэвічу. Па закліку  кіраўніцтва падраздзялення, аблсавета ветэранаў і мясцовай пярвічкі ўсе без выключэння ахоўныя структуры вобласці рэгулярна падтрымліваюць яго матэрыяльна. На сабраныя ў апошні раз грошы сям’я змагла купіць артапедычны ложак и спецыяльны матрац. У Лагойску, дзе начале пярвічкі  старшына міліцыі ў адстаўцы Анатоль Петракоўскі, адразу адгукнуліся на просьбу інваліда першай групы адстаўнога міліцэйскага старшыны Віталя Цімафеева дапамагчы адрамантаваць кватэру. Справу даручылі прапаршыкам міліцыі Сяргею Шуманаву і Алесю Селяху, якія з ёй выдатна справіліся. Сабралі, крамя таго ветэрану, як кажуць, якую-ніякую капейку.
СУПРАЦОЎНІЧАЦЬ І З УЛАДАМІ, І З ЦАРКВОЮ
Неабыякавасць і небезуважнасць да тых, хто не можа радавацца жыццю, як іншыя, сталі характэрнымі рысамі для сяброў жодзінскай пярвічкі, падкрэсліў  у сваім звароце  яе кіраўнік маёр міліцыі ў запасе Юрый Шынкевіч, які распавёў калегам пра напрацаваны асабісты досвед. У адрозненне ад іншых (ёсць яшчэ толькі ў Маладзечне) у афіцыйна зарэгістраваным у мясцовым гарвыканкаме калектыве створаны свой ветэранскі савет. У яго складзе эфектыўна дзейнічаюць маёры міліцыі ў запасе Аляксандр Дмітрукевіч і Валерый Падрэцкі, адстаўны капітан  Мікалай Паўлючык і адстаўны прапаршчык Аляксандр Дрозд. Яны частыя госці інвалідаў — адстаўнога старшыны міліцыі Валерыя Трэпачкіна, адстаўных прапаршчыкаў міліцыі Дзмітрыя Снытко і Аляксея Катуша. Наведваюць іх, вядомая справа, не з пустымі рукамі. З дапамогай начальніка аддзела падпалкоўніка міліцыі Валерыя Бандарэнкі актывісты адразу знайшлі агульную мову з ідэалагічным аддзелам гарвыканкама і Беларускім саюзам афіцэраў пад началам маёра Уладзіміра Шыбко. Пры падтрымцы ідэолагаў у гарадскім Палацы культуры створаны  ваенна-гістарычны клуб «Казачая застава 1812 год». Пад апекай старых «соў» хлопцы і дзяўчаты удзельнічаюць у рэканструкцыях падзей часоў вайны з Напалеонам.. Яны пабывалі на фестывалі «Залатая шпора» і адкрыцці помніка Першай сусветнай вайны ў Смаргоні. Удзельнічалі ў аднаўленні па гістарычных матэрыялах вядомай бітвы на Беразіне. Наведалі зкспазіцыю краязнаўчага музея ў Барысаве. Здзейснілі экскурсійныя паездкі ў кафядральны сабор святых Пятра і Паўла ў Мінску, Мірскі замак, з удзелам у ваенна-гістарычным фестывалі, і ў Палац Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі.У Дзень Перамогі і Дзень незалежнасці рэспублікі сябры клуба разам са сваімі настаўнікамі удзельнічаюць у выязных і хатніх урачыстасцях.
Мясцовыя ахоўнікі яскрава пацвярджаюць цеснае ўзаемадзеянне міліцыі з Беларускай Праваслаўнай Царквою. Яны прынялі ўдзел у нараджэнні капліцы на вуліцы Маскоўскай свайго горада і богаслужэнні ў храме Святога Мікалая ў лагойскай весцы Крайск. Рэглярна бяруць удзел у прастольных святах, хрэсных ходах, дапамагаюць упарадкоўваць тэрыторыю храма Святога Архангела Міхаіла — заступніка воінства. Сустракаюцца ў яго нядзельнай школе з маладымі землякамі, частка якіх застаецца ў родным горадзе. На тэрыторыі храма ўстаноўлены памятны знак у гонар ліквідатараў наступстваў чарнобыльскай трагедыі. Сёлета, 26 красавіка, да яго прыйшлі ветэраны-чарнобыльцы Мікалай Паўлючык, Валерый Падрэцкі, Валерый Трэпачкін, якія ўжо ўзгадваліся, а таксама адстаўны старшына Міхаіл Трысцянецкі, адстаўны капітані Міхаіл Калоша, прапаршчык у адстаўцы Аляксандр Дрозд і сам кіраўнік Юрый Шынкевіч, якім начальнік аддзела ўручыў грашовыя прэміі. Адбыўся мітынг-рэквіем, прысутныя ўсклалі да знака чырвоныя гваздзікі.
Разумеюць, паважаюць сваіх чарнобыльцаў і ў Пухавічах. Адстаўныя міліцыянеры маёр Вячаслаў Саўчанка і прапаршчык Сяргей Зенін гэта адчуваюць і актыўна ўдзельнічаюць у ветэранскім руху. Сустракаюцца з моладдзю, удзельнічаюць у святочных і памятных мерапрыемствах і акцыях, дапамагаюць даглядаюць магілы памерлых ліквідатараў аварыі  Мікалая Стрэльскага і Рыгора Рухлевіча.  Пасля раптоўнай смерці маёра міліцыі Леаніда Харламянкова, памяць якога ўдзельнікі  сустрэчы ўшанавалі хвілінай маўчання, кіраўніком мясцовай пярвічкі абраны падпалкоўнік міліцыі ў запасе Уладзімір Пуціцкі. Ураджэнец вёскі Новы Ўборак, ён уладкаваўся  міліцыянерам патрульна-паставой службы дзяржынскай міліцыі. Мара найхутчэй вярнуцца на радзіму здзейснілася літаральна праз год, калі перавялі ў міліцыю Пухавіччыны, дзе праслужыў на розных пасадах 17 гадоў. Потым узначальваў Чэрвеньскае райаддзяленне «Аховы», пасля чаго зноў сустрэўся з радзімай — стаў начальнікам Пухавіцкага аддзела ДА.
Такіх гаспадароў, сэрцам адданых любаму краю, трэба пашукаць, гавораць у раёне пра лідара пенсіянераў-ахоўнікаў. І гэта, сапраўды, так. Дай Божа, даглядаць так кожнаму свой асабісты дом, як гэта робіць адстаўны афіцэр з бацькоўскім. Цацка, не хата! Па-добраму, з падзякай за майстэрства і умельства, вернасць справам і здзйясненням продкаў радуешся і прасторнаму, раскошнаму падворку з яго уружальнай начынкай. Тут табе і машына, і трактар, і матаблок, і гараж, і лазня, і бяседка, і склеп, і хлеў, і гарод з цяпліцаю. Чвэрць гектара зямлі прыгожа дзеляць між сабою бульба з азімай пшаніцай. Хапае, хай сабе і нялёгкага, «салёна-гаркаватага», але такога смачнага ў выніку  клопату і гаспадару, і жонцы Алене, і дачцэ Юліі, і сыну Дзянісу.
УЗБАГАЧАЦЦА І ПРАФЕСІЙНА, І ДУХОЎНА
Ад усяго ўбачанага складваецца ўстойлівае ўражанне, быццам Уладзімір Пуціцкі спаборнічае ў Год малой радзімы за лепшае ўладкаванне вясковай тэрыторыі са сваім калегам з Крупак падпалкоўнікам міліцыі ў адстаўцы Хведарам Толкачам, які вельмі ўзрадаваўся перамозе ў Лізе чжмпіёнаў БАТЭ, за яго фанатычна заўзее, над «Карабахам». Неяк распавядаючы пра галаву невялікай, але адметнай справамі пярвічкі, Уладзімір Арлоўскі заўважыў — гэткага майстра на ўсе рукі, які мае ўсе неабходныя для шчаслівага сямейнага жыцця якасці, сустрэць вельмі і вельмі цяжка. «І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц» — гэта пра яго, працаголіка, якому няма роўных у акрузе. У акрузе, якую ён весяліць і радуе сваім прыгожым спевам пад стары, але такі надзейны і ўлюбёны гармонік. Калі ў вёсцы застанецца хоць адзін такі яе жыхар — яна канчаткова не вымрэ. Тут, у Барку, які ён рэгулярна наведвае з жонкай Валянцінай, сынам Максімам, дачкой Юліяй, унучкамі Светай, Надзяй і Лізай, Хведар Пятровіч пабудаваў новы дом, выкапаў калодзеж, знайшоў утульнае месца для лазні, раскарчаваў пасеку з меданосамі. Пчолы збіраюць напітак багоў не толькі з іх, але і з рознакаляровага мора пасаджаных навокал кветак. Прысядзібны ўчастак упрыгожваюць яблыні, слівы, вішні, ліпы і рабіны, на якіх прышчэплены грушы. Вось да такой сялянскай культуры, да такога ўпарадкавання родных куточкаў мы і павінны імкнуцца, як робяць гэта па прыкладу Хведара Пятровіча, яго падначаленыя — адстаўны старшына міліцыі Аляксандр Данькоў у мястэчку Бобр і адстаўны сяржант міліцыі Аляксандр Хадуноў у вёсцы Абчуга, дзе жыве яго маці. Уласныя дамы ў саміх Крупках маюць адстаўныя старшыны міліцыі Мікалай Вядрыцкі і Анатоль Догіляў, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Макарэвіч і старшы прапаршчык міліцыі ў адстаўцы Аляксандр Фясько. Прыгожыя пабудовы ніяк не зблытаеш з іншымі, як і прылеглую да іх тэрыторыю. Іх гаспадары гатовыя ў любы момант адгукнуцца на тыя ці іншыя просьбы суседзяў і знаёмых.
Па-добраму здзіўляе і ўражвае не толькі сялян, але і ўсіх, хто мае  лецішча ў капыльскай вёсцы Блеўчыцы,  сядзіба былога начальніка абласной аховы адстаўнога палкоўніка міліцыі Сцяпана Іванавіча Выскваркі, які адзначыў 19 жніўня свой 89-ы дзень нараджэння. Слынны ветэран, якога абласны савет і яго сябры шчыра павіншавалі і пажадалі перадусім моцнага здароўя,  кіраваў службай 12 гадоў. Ён адрамантаваў унікальны ў сваім родзе драўляны бацькоўскі дом, з якога можна выйсці па спецыяльнаму «калідору» у любую гаспадарчую прыбудову, і прызджаў на малую радзіму спачатку перыядычна. Трымаў  парсючкоў, курэй, гусей, казу. Даглядаў гарод, абкашваў тэрыторыю, сеяў ячмень і канюшыну, садзіў бульбу. Праз колькі гадоў пераехаў у вёску на пастаяннае жыхарства. Нядаўна паважаны аднасяльчанін звярнуўся да старых і малых землякоў прывесці ў парадак не толькі прысядзібную тэрыторыю кожнага, але могілкі на мясцовым кладзішчы і пад’яздныя шляхі наўсцяж яго. І гэта ў такім паважаным узросце! Успамінаецца і такі паказальны факт. Сцяпан Іванавіч прысутнічаў на пятым вучэбна-метадычным сходзе, які праходзіў ў 2016-м у Капылі. На такія мерапрыемствы сёння не з вялікай ахвотай едзе нават іншы дзеючы супрацоўнік, якому новыя веды і патрабаванні патрэбныя, як нікому!
На мінулагодняй сустрэчы ў Смалявічх сябра абласнога савета Хведар Толкач унёс прапанову замацаваць кожнага з тых, хто ўваходзіць у гэты кіруючы орган, за канкрэтнымі калектывамі і аказваць ім пры неабходнасці больш дзейсную практычную і метадычную дапамогу. Так тады і вырашылі. Сёлета пераканаліся — прапанова была, сапраўды, слушнай і своечасовай, аб чым Уладзімір Арлоўскі і паведаміў. Ён дадаў пры гэтым, што адбылася вымушаная, як і ў выпадку з Леанідам Харламянковым, замена кіраўніка дзяржынскай  пярвічкамі. Раптоўна сяброў пакінуў 62-гадовы падпалкоўнік міліцыі у адстаўцы Валерый Грыцэвіч. Новым кіраўніком абраны маёр міліцыі ў запасе Аляксандр Анісовіч, які праслужыў у ахове 20 гадоў. Перад ім, як і перад іншымі, пастаўлена задача больш актыўна прыцягваць старэйшых «соў» да правядзення разнастайных мерапрыемстваў і шэфству над маладымі супрацоўнікамі. Не аслабляць належнай увагі да ветэранаў Вялікай Айчыннай, пажылых, хворых, інвалідаў, якім шмат часу ўдзялілі на пасяджэнні, афганцаў, чарнобыльцаў. Адшукваць усялякія законныя магчымасці для іх матэрыяльнай падтрымкі. Жодзінская, салігорская і мінская пярвічкі павінны годна падрыхтавацца і сустрэць свае будучыя юбілеі. Першай 1 верасня споўніцца 50, другой 25 верасня — 55 і трэцяй 15 лістапада — 45 гадоў.
У рамках культурнай праграмы ўдзельнікі  выязнога пасяджэння наведалі РУП «Слуцкія паясы» — адно з буйнейшых прадпрыемстваў мастацкіх промыслаў рэспублікі. Яно размешчана на месцы старой мануфактуры, якая належала Радзівілам. Ахоўнікі Міншчыны паназіралі, як вырабляюцца сучасныя варыянты паясоў. У  мясцовым музеі яны пазнаёміліся з копіямі і  фрагментамі шэдэўраў і ўнкальным станком нямецкай фірмы Mageba  Ён спецыяльна прызначаны для ўзнаўлення выключных па сваіх вартасцях паясоў. Кіруецца з дапамогай двух камп’ютараў. Утрымлівае ў сабе шэсць чаўнакоў і 1200 нітак. Аналагаў яму ў свеце няма. На стварэнне аднаго пояса ідзе каля 60 гадзін. Каштуе ён ад 10 да 50 мільёнаў. Так, не танна. Справа ў тым, што  выкарыстоўваюцца вельмі тонкія ніткі з натуральнага шоўку, якія змяшчаюць срэбра і золата. І пры павелічэнні хуткасці вытворчасці яны могуць проста парвацца. У нас захавалася толькі 11 паясоў. Пяць з іх — слуцкія, астатнія — копіі, вырабленыя за мяжой.
У краме-кіёску «совы» нагледзелі па густу абрусы, настольнікі, ручнікі, сурвэткі, кніжныя закладкі і раз’ехаліся выконваць намечаныя падчас сур’ёзнай, творчай і карыснай размовы новыя планы на карысць ветэранаў службы і іх паслядоўнікаў.

Уладзімір Барысенка