У час веснавых канікулаў вартавыя правапарадку наладзілі і правялі для школьнікаў Дзень адчыненых дзвярэй

     У сакавіку ў час веснавых канікулаў вартавыя правапарадку наладзілі і правялі для школьнікаў Дзень адчыненых дзвярэй.

     — Такія мерапрыемствы даўно атрымалі ў нашым аддзеле пастаянную прапіску, — удакладніў начальнік аддзела прафілактыкі і аховы правапарадку Бярэзінскага РАУС Сяргей Валер’евіч Шкуратаў. – Звычайна мы запрашаем старшакласнікаў, каб бліжэй пазнаёміць іх з асаблівасцямі міліцэйскай службы, расказаць пра ўмовы паступлення ў навучальныя ўстановы МУС Рэспублікі Беларусь. Аднак сёлета мы зрабілі выключэнне і гасцінна віталі ў сябе вучняў пачатковых класаў.

     Дзеці шумна размясціліся ў актавай зале раённай міліцыі і ўважліва слухалі вартавых праварадку, якія ў займальнай форме наладзілі для іх знаёмства з міліцэйскай службай. Спачатку гарэзы зацікавіліся тым, што ляжыць у загадкавым і патаемным кейсе пад назвай “Судовая экспертыза” і доўга даймалі пытаннямі эксперта Бярэзінскага раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Андрэя Валянцінавіча Толкача. Затым іх увагу прыцягнула імправізаваная выстава зброі і сучаснай экіпіроўкі міліцыянераў. Пра арсенад і правілы абыходжання з ім расказаў супрацоўнік міліцыі Генадзь Мікалаевіч Рабіза.

IMG_5981-c-600x410

     Апрача гэтага, хлапчукі і дзяўчынкі выкарысталі магчымасць прымерыць бронекамізэльку, каску, паспрабаваць разабраць аўтамат, патрымаць у руках іншую зброю. Цікавым гэта было для многіх.

berezino 3_640x0_mc

     Затым шлях дзяцей ляжаў у Дэпартамент аховы, дзе іх ужо чакалі начальнік падраздзялення Сяргей Валер’евіч Вальчэўскі, кінолаг Анатолій Федаравіч Жораў і службовая сабака Бэтсі. Чатырохлапы вартаўнік нікога са школьнікаў не пакінуў абыякавым, бо пад бурныя апладысменты і ўспышкі мабільных тэлефонаў выконваў усе заданні: бліскуча па паху знайшоў схаваную рэч і затрымаў умоўнага злодзея.

IMG_6061-о-600x401

     Вучні са станоўчымі эмоцыямі пакідалі наш аддзел, — заўважыў Сяргей Валер’евіч. — Мяркую, што яны з гадамі не знікнуць з дзіцячай памяці і, магчыма, хто-небудзь з сённяшніх гарэз пажадае затым служыць у міліцыі і насіць званне вартаўніка правапарадку!

Мілана Трапянок

 Фота Алены Громавай

«Бярэзiнская панарама»