Памяць адлюстравана ў добрых справах

     Да ўдзелу ў акцыі “Захаваем памяць на стагоддзі” далучыліся і супрацоўнікі мясцовага аддзялення Дэпартамента аховы.

     Іх аб’ектам стала месца пахавання невядомых салдат, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, на могілках у вёсцы Каменка.

     Працоўны дэсант узначаліла інспектар па кадрах Ірына Пракаповіч. Побач з ёю шчыравалі міліцыянеры Сяргей Янкоўскі, Андрэй Пінчук і Аляксандр Варашылаў.

     Намаганнямі супрацоўнікаў Узденскага аддзялення Дэпартамента аховы была пафарбавана агароджа, прыбрана ад леташняй лістоты, смецця і галля тэрыторыя месца пахавання, вымыты абеліск.

IMG_2302

     – Гэта не першы наш удзел у падобнай акцыі, гады два таму нашы супрацоўнікі былі задзейнічаны на добраўпарадкаванні яўрэйскіх могілак, размешчаных у райцэнтры. Таму калі і цяпер размова зайшла пра добраўпарадкаванне месцаў пахаванняў салдат Айчыйннай вайны, наш начальнік адзначна заявіў, што свой уклад у гэту справу павінны зрабіць і мы, тым больш у Год малой радзімы і напярэдадні такой даты – 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – адзначае Ірына Пракаповіч. – З мэтай выхавання паважлівых адносін і стаўлення да мінулага і сучаснасці сваёй краіны да ўдзелу ў мерапрыемстве па добраўпарадкаванні мемарыяла ў першую чаргу задзейнічалі маладых праваахоўнікаў.

     Апошнім штрыхом сумленнай работы супрацоўнікаў аховы на могілках стала ўшанаванне памяці загінулых мінутай маўчання і ўскладанне кветак.

IMG_2312

     Для уздзенскіх праваахоўнікаў правядзеннне падобных мерапрыемстваў стала ўжо традыцыяй. Вартавыя парадку перакананы: каб памяць пра абаронцаў Беларусі заўсёды жыла ў нашых сэрцах і перадавалася з пакалення ў пакаленне, важна, каб яна знаходзіла сваё адлюстраванне ў добрых намерах і справах.

газета «Чырвоная зорка»