У акружэнні калег

     15 лютага для нашага народа дата, у якой адначасова цесна пераплятаюцца смутак і гераізм. У ёй адлюстроўваюцца вернасць прысязе, служэнне доўгу, франтавое брацтва салдат і афіцэраў.

     Афганістан…. Адны з чужой краіны не вярнуліся ў родныя хаты жывымі, другім і сёння тупым болем ныюць атрыманыя там раны, трэція беражліва захоўваюць памяць пра аднапалчан, з кім давялося стаяць плячом да пляча і не па часе развітацца, моцна сціснуўшы кулакі…

     Напярэдадні гэтай даты ў працоўным калектыве аддзялення Дэпартамента аховы прайшоў пазапланавы сход, на якім начальнік маёр міліцыі Андрэй Батракоў са словамі падзякі за бездакорную службу звярнуўся да калегі, воіна-інтэрнацыяналіста Івана Барбарчыка.

     …“Які з мяне герой дня? Я проста выконваў свой грамадзянскі абавязак”, – ціха прамовіў Іван Іванавіч. 

     У сваім калектыве Іван Барбарчык карыстаецца заслужаным аўтарытэтам – тут, як кажуць, сказваюцца стаж і вопыт. А яшчэ – афганская загартоўка, якая паказала цану кожнага дня і надзейнага сяброўства. Таму для маладых супрацоўнікаў – Іван Іванавіч не проста старшы таварыш па службе, але і прыклад сапраўднага мужчыны.

Вера ЛУКАШЭВІЧ, Сяргей ШАРАЙ (фота)
газета “Чырвоная зорка”