Успамін аб малой радзіме

Здаецца мне, прыйшла б я ў хату,
Туды, дзе ў дзяцінстве добра так было,
Дзе кожны дзень чакала мяне маці,
Дзе сэрцайку майму спакойна!
Прысела б на парог бацькоўскай хаты,
Дзяцінства дзе шчаслівае прайшло…
Але не заглянуць у акенца гэтай хаты,
Бо хаты той няма ўжо даўно…

     Гэты верш я напісала, калі падарожнічала на сваю малую радзіму ў Пастаўскі раён. Еду і бачу: там вёска закінутая, там другая… А каля свайго дома аж ад сэрца адлягло — усё добра: мае бацькі жывуць, тут і бабуля, якой амаль 90 гадоў.

      Прыйшла да бабулі, села ёй пад бок, а яна абняла мяне і кажа: «Добры дзень, унучанька!» Божа мой, якія гэта цёплыя словы! Як лагодна яны гучаць! Заплюшчваеш вочы — і бачыш: мая бабулька маладая, колькі сіл і жадання працаваць! Усплываюць моманты, як мы з ёй пасвілі кароў, сушылі сена, працавалі ў агародзе, хадзілі ў лес па ягады і грыбы. Нам не было цяжка, бо з дзяцінства ведалі: дарослым трэба дапамагаць. Бабуля збірала лекавыя травы, нават зараз памятаю іх цудоўны пах. Яна вучыла нас назіраць за прыродай, бачыць прыгажосць у простых рэчах. А калі ад доўгай хады мы, змарыўшыся, пачыналі ныць — бабуля нам спявала. Вельмі прыгожы звонкі голас ляцеў праз палі, узлескі, а рэха, здавалася, падпявала ёй. І ісці станавілася лягчэй.

     Часта ўзгадваю і прыгожы яблыневы сад за вёскай, які бабуся садзіла з дачкой знакамітага селекцыянера Івана Сікоры. Мы там столькі цікавага пазнавалі! Вершы, прыказкі, гісторыі, якія маглі пачуць толькі ад бабулі: пра вайну і жыццё, пра тое, што расказвала ёй маці. А самы яскравы ўспамін з дзяцінства — хлеб: цёплы, духмяны, з хрусткай скарынкай. Гэта быў, бадай, самы лепшы прысмак!

     Таксама раскажу пра свайго дзеда-асілка Васіля: амаль два метры ростам, а сілы — як у трох чалавек. Ён нарадзіўся ў Смаленску. Прайшоў праз канцлагер, дзе страціў дзвюх сясцёр. Пасля вайны сустрэў сваю любоў і застаўся жыць у нашым мястэчку, якое стала для яго родным. Выхаваў трох дачок: Веру, Надзею і Любоў. І нам, унукам, за свой кароткі век даў столькі цеплыні, што ўспамінаю яго ўсё сваё жыццё. Як ён усаджваў мяне ці сясцёр на плечы, насіў, як конік, і ніколі не стамляўся. Яму на ўсё хапала сіл. А калі мы разам хадзілі гуляць у пасёлак — песціў нас пачастункамі…

     Ён браў нас з сабой на сенажаць, дзе яны з маім бацькам касілі сена. Дапамагалі ім чым маглі: сушылі траву, зграбалі, звазілі дадому на кані. А навокал такая прыгажосць, хоць карціны пішы! Бывае, ляжаш на зямлю, заплюшчыш вочы і поўнымі грудзьмі ўдыхаеш духмянае паветра: усміхнешся сонцу, усяму свету, а наперадзе — усё жыццё…

     Прыгадваць можна многае: празрыстае возера за нашай вёскай, сцюдзёную рачулку, якая выглядвала з гушчару лесу і зноў пятляла сярод магутных соснаў, бясконцыя палі і, бадай, самыя вялікія ў Беларусі балоты, у якіх таксама ёсць свая стрыманая прыгажосць. Але я хачу сказаць галоўнае: пакуль мы памятаем, пакуль, закрыўшы вочы, бачым свае родныя мясціны, сваіх продкаў — мы жывём, жыве наша малая радзіма!

Таццяна Вайцяхоўская
ветэран Лагойскага АДА