Віктар Шаўня: “Міліцэйская служба — не напужала”

     Герой красавіцкага праекта пра міліцэйскую службу не думаў і нават не марыў, бо з маленства захапляўся светам радыёпрыбораў і камп’ютараў. Аднак абысці сцежку праваахоўніка так і не змог. Што думае аб першых віражах жыцця старшы інспектар, інжынер групы сродкаў і сістэм аховы раённага аддзялення Дэпартамента аховы Віктар Шаўня?

DSC_0132-Шавня-Виктор-сайттекст

     — Я нарадзіўся і вырас у Талочыне. Вучыўся нядрэнна і схільнасць меў, як і большасць хлапчукоў, да дакладных навук. Таму без цяжкасцей паступіў у Мінскі дзяржаўны вышэйшы радыётэхнічны каледж. Ды і як інакш, калі жыцця не ўяўляеш без электронных прылад і сродкаў. Ды і варта падкрэсліць, што абраная альмаматар вось ужо шмат гадоў папулярная сярод сучасных юнакоў, хаця паступіць туды і вучыцца даволі няпроста.

     — А як жа ты апынуўся ў Беразіно?

     — Прыбыў сюды на працу па размеркаванні пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, які пасля каледжа скончыў за тры гады. А нагодай стала запрашэнне тагачаснага начальніка раённага аддзялення Дэпартамента аховы Сяргея Вальчэўскага. Яго прапанова аб’яднаць службу з любімай справай толькі на імгненне збянтэжыла. Але ўзважыўшы ўсе “за” і “супраць”, я пагадзіўся. Вось так і апынуўся ў вашым горадзе.

     — А што ж, калі не сакрэт, было за і супраць?

     — Сакрэту няма. Мяне падкупляла, што горад усяго за сто кіламетраў ад сталіцы і пры неабходнасці туды можна трапіць менш чым за гадзіну. Не пакінула абыякавым і перспектыва паспрабаваць сябе ў нечым новым — насіць міліцэйскія пагоны, ды і не пакінулі раўнадушным абяцанні будучага кіраўніка ўладкаваць мой быт. Дарэчы, Сяргей Валер’евіч іх усе цалкам і выканаў: жыву ў блоку інтэрната па вуліцы Зялёнай горада, маю дастойны заробак, ды і першы калектыў аказаўся добрым, зладжаным і маладым. Таму няма сэнсу ўспамінаць, што было супраць.

     — У цябе ўнікальная пасада: адначасова міліцыянер і інжынер. Ці не цяжка сумяшчаць?

     — Мне няцяжка, бо ў гэтым ёсць пэўны ўстаноўлены парадак. Так, у міліцэйскай службе ўсе дзеянні дакладна распісаны і падпарадкаваны загадам. Так і ў нашых прыборах і схемах аховы — няма нічога лішняга. Галоўнае — не парушаць усталяваны парадак і строга прытрымлівацца інструкцый.

     — Аднак твая пасада яшчэ і кіраўніцкая. Што лягчэй, працаваць з людзьмі альбо прыборамі?

     — Пытанне, лічу, рытарычнае, бо вядома ж, цяжэй з людзьмі. Ты ж нясеш адказнасць за іх. Праўда, у нашым калектыве ўсе сумленна працуюць і асаблівага кантролю не патрабуюць. Ды і я ўсіх ацэньваю выключна за працоўныя заслугі.

     — А ці падабаецца наш горад?

     — Я вырас у малым горадзе. Таму Беразіно для мяне нічым не адрозніваецца ад Талочына. Тут ціха і нешматлюдна, людзі пазітыўныя і адзін аднаго ведаюць.

     — А як адпачываеш і дзе праводзіш вольны час з новымі сябрамі і калегамі?

     — Пакуль лепшы адпачынак — заняткі з сябрамі ў спартыўнай і трэнажорнай зале. Калектыў Дэпартамента даўно зрабіў іх добрай традыцыяй. А тон задаваў Сяргей Вальчэўскі. Гэта ён навучыў мяне прыёмам самба і прывіў цікавасць да гэтага віду спорту. Ды і цудоўна навучыўся гуляць у настольны тэніс. Нават дзіўна для мяне, што гэта аказалася так проста. Думаю, што хутка адкрыю ў сабе яшчэ не адзін спартыўны талент.

     — Наш праект мае назву “Прызямліцца ці ўзляцець?” Што ты думаеш на гэты конт?

     — Вядома, узляцець, каб у сваёй прафесіі нязменна рухацца наперад, вучыцца і развівацца. Нельга ж дарэмна губляць час! Ды і прызямліцца было б нядрэнна – застацца працаваць у першым калектыве, працягваць слаўныя традыцыі настаўніка Сяргея Вальчэўскага.

газета «Бярэзінская панарама»