З 13 па 17 верасня ў Барысаве праходзіў XVIII адкрыты рэспубліканскі агляд-конкурс прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. У намінацыі «Лепшы малады супрацоўнік» перамог наш зямляк — міліцыянер узвода міліцыі Мядзельскага аддзялення Дэпартамента аховы Аляксей Стрэльскі.
— Раскажыце, як трапіли на конкурс?
— Паказваў добрыя вынікі на абласных спартыўных спаборніцтвах Дэпартамента аховы. Мяне заўважылі, пачалі прыцягваць на зборы. Па іх выніках трапіў у склад абласной каманды на рэспубліканскі агляд-конкурс.
— Як рыхтаваліся да спаборніцтва?
— На зборах падцягнуў свае веды, уменні ў валоданні баявымі прыёмамі барацьбы, агнявую падрыхтоўку,— не пашкадаваў, што паўдзельнічаў, — расказвае Аляксей.
І вось сам конкурс. Для супрацоўнікаў, стаж службы якіх менш за год, складаўся ён з тэсціравання на веданне службовых абавязкаў, нарматыўных прававых актаў і іншага, агнявой падрыхтоўкі, валодання баявымі прыёмамі барацьбы, кросу 1500 метраў, падцягвання.
— У якіх відах праграмы найлепш выступілі?
— Падцягнуўся 30 разоў — гэта найлепшы вынік, быў другім у кросе.
Добрая фізічнай форма, расказвае Аляксей, у яго яшчэ са школы. Вучыўся ў Нарацкай СШ №1, наведваў розныя секцыі — амаль ва ўсіх займаўся, і яшчэ сам трэніраваўся, бегаў. І цяпер, калі ёсць вольны час, стараецца спортам займацца — ці ў футбол пагуляць ці пабегаць. Жыве Аляксей з сям’ёй цяпер у Мядзеле, разам з жонкай Таццянай расцяць паўтарагадовую дачку Ізабель. А служыць у Мядзельскім аддзяленні Дэпартамента аховы хлопец амаль год.
— За гэты кароткі час ён зарэкамендаваў сябе толькі са станоўчага боку, — расказвае камандзір узвода міліцыі Мядзельскага аддзялення Дэпартамента аховы Дзмітрый Варабей. — Да службы адносіцца адказна. Старанна і добрасумленна выконвае службовыя абавязкі.
І ў будучым Аляксей яшчэ некалі думае паўдзельнічаць у падобным конкурсе — зразумела, ужо ў іншай намінацыі.
— Што яшчэ, лічаце, для гэтага трэба падцягнуць?
— Агнявую падрыхтоўку. Яна ў мяне слабейшая атрымалася.
газета «Нарачанская зара»