Стаў найлепшым сярод маладых супрацоўнікаў Дэпартамента аховы у Беларусі

     З 13 па 17 верасня ў Барысаве праходзіў XVIII адкрыты рэспубліканскі агляд-конкурс прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. У намінацыі «Лепшы малады супрацоўнік» перамог наш зямляк — міліцыянер узвода міліцыі Мядзельскага аддзялення Дэпартамента аховы Аляксей Стрэльскі.

0167-1
Раскажыце, як трапіли на конкурс?

     — Паказваў добрыя вынікі на абласных спартыўных спаборніцтвах Дэпартамента аховы. Мяне заўважылі, пачалі прыцягваць на зборы. Па іх выніках трапіў у склад абласной каманды на рэспубліканскі агляд-конкурс. 

      Як рыхтаваліся да спаборніцтва?
— На зборах падцягнуў свае веды, уменні ў валоданні баявымі прыёмамі барацьбы, агнявую падрыхтоўку,— не пашкадаваў, што паўдзельнічаў, — расказвае Аляксей.

І вось сам конкурс. Для супрацоўнікаў, стаж службы якіх менш за год, складаўся ён з тэсціравання на веданне  службовых абавязкаў, нарматыўных прававых актаў і іншага, агнявой падрыхтоўкі, валодання баявымі прыёмамі барацьбы, кросу 1500 метраў, падцягвання.

— У якіх відах праграмы найлепш выступілі?
— Падцягнуўся 30 разоў — гэта найлепшы вынік, быў другім у кросе.


      Добрая фізічнай форма, расказвае Аляксей, у яго яшчэ са школы. Вучыўся ў Нарацкай СШ №1, наведваў розныя секцыі — амаль ва ўсіх займаўся, і яшчэ сам трэніраваўся, бегаў. І цяпер, калі ёсць вольны час, стараецца спортам займацца — ці ў футбол пагуляць ці пабегаць. Жыве Аляксей з сям’ёй цяпер у Мядзеле, разам з жонкай Таццянай расцяць паўтарагадовую дачку Ізабель. А служыць у Мядзельскім аддзяленні Дэпартамента аховы хлопец амаль год. 

     — За гэты кароткі час ён зарэкамендаваў сябе толькі са станоўчага боку, — расказвае камандзір узвода міліцыі Мядзельскага аддзялення Дэпартамента аховы  Дзмітрый Варабей. — Да службы адносіцца адказна. Старанна і добрасумленна выконвае службовыя абавязкі.

     І ў будучым Аляксей яшчэ некалі думае паўдзельнічаць у падобным конкурсе — зразумела, ужо ў іншай намінацыі.

     — Што яшчэ, лічаце, для гэтага трэба падцягнуць?

     — Агнявую падрыхтоўку. Яна ў мяне слабейшая атрымалася.

газета «Нарачанская зара»