Нядаўна трое бярэзінскіх мужчын — Сяргей Рашотка, Арцём Булойчык і Міхаіл Кардымон (супрацоўнік раённага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь) прыемна парадавалі бярэзінцаў. Яны паспяхова выступілі на спаборніцтвах на кубак Мінскай вобласці па грэка-рымскай барацьбе сярод мужчын і жанчын у дзвюх вагавых катэгорыях — 77 і 88 кілаграмаў.
Арцём Булойчык, Сяргей Рашотка і Міхаіл Кардымон (крайні справа)
Так, Міхаіл Кардымон у першай катэгорыі заняў другое месца, а Арцём Булойчык узняўся на трэцюю прыступку п’едэстала ў другой. Трэба аддаць належнае, бо ўсім ім па дваццаць пяць гадоў, яны працуюць і маюць дарослыя клопаты, але знайшлі ў сваіх графіках вольны час і дастойна падрыхтаваліся да спаборніцтваў.
Усе мы — вучні Міхаіла Фесуна
— У гэтым нічога дзіўнага і незвычайнага няма, — адразу пачаў гаварыць Сяргей Рашотка, — бо мы ўсе — гадаванцы славутага бярэзінскага трэнера Міхаіла Фесуна, які будучы ў сталым узросце паспяхова выступіў на міжнародных спаборніцтвах па грэка-рымскай барацьбе. Мы ж у яго займаліся з чацвёртага класа і шмат ўдзельнічалі ў розных спаборніцтвах. Не раз пра нашы перамогі пісала і раённая газета.
Сяргей Рашотка па слядах свайго трэнера вярнуўся на працу ў аддзяленне грэка-рымскай барацьбы ў раённай комплекснай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву. Сёння яго заняткі наведваюць каля трыццаці дзяцей.
Да перамогі вядуць не забавы
— Працаваць з дзецьмі мне падабаецца, — гаворыць Сяргей, — але для большасці маіх гадаванцаў грэка-рымская барацьба — гэта больш курс аздараўлення альбо цікавае правядзенне вольнага часу. А гэтага яўна мала для спартыўных перамог. Што зробіш, не хапае сучасным барцам ні выключнага характару, ні настойлівасці, ні працавітасці, ні вялікага жадання стаць лепшым у сваёй справе.
Затое ў сяброў Сяргея па камандзе гэтыя рысы і сёння нікуды не зніклі.
Сумуе па сапраўднай атмасферы барацьбы трэнер спартыўнай школы. Арцём працуе на будоўлі ў сталіцы, а ў вольны час займаецца ў трэнажорнай зале і ніяк не хоча сказаць дывану “Бывай!”. Міхаілу Кардымону таксама нельга забыцца пра прыёмы грэка-рымскай барацьбы, бо ён служыць у раённым аддзяленні Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь і не раз бліскуча адстойваў гонар калектыву ў спартыўных спаборніцтвах.
Рашэнне было агульным
— Таму рашэнне прыняць удзел у спаборніцтвах было нашым агульным выклікам яшчэ раз праверыць сябе на спартыўную вартасць і сказаць гучнае слова ў грэка-рымскай барацьбе, — заўважае Сяргей. — Дзеля гэтага мы два месяцы напружана трэніраваліся ў выхадныя дні.
Сказаць «трэніраваліся» гэта нічога не сказаць, бо маладым мужчынам давялося сесці на дыету, перагледзець свой рэжым і цалкам пераключыцца на падрыхтоўку да спаборніцтваў. Аднак ніхто з іх з дыстанцыі не сышоў і графіку трэніровак не здрадзіў. Наадварот, жорсткі спартыўны рэжым стаў іх ладам жыцця і пасля турніру.
Кубак Мінскай вобласці па грэка-рымскай барацьбе сабраў нямала аматараў барацьбы, бо прыехалі памерацца сіламі звыш 130 удзельнікаў у розных вагавых катэгорыях. Большасць з іх былі з буйных гарадоў, такіх як Маладзечна, Вілейка, Барысаў і іншых.
— Аднак хвалявання ў Арцёма і Міхаіла не было, — расказвае трэнер, — бо вопыт быў у нас немалы ды і ўзрост не дзіцячы. Таму і выступалі яны аднолькава роўна. Перамогу, як належыць, успрынялі стрымана, каб не напалохаць капрызную мадам удачу. У нашых планах і далей выступаць.
А што далей?
Арцём пабачыў у перамозе добры знак і гатовы і сёння не зніжаць тэмп трэніровак. Балазе, у яго цяпер званне кандыдата ў майстры спорту і цвёрды намер яшчэ плённа выступаць. Міхаіл Кардымон таксама да ўзнагароды атрымаў такое ж пачэснае спартыўнае званне і адкрыў другое дыханне ў пакарэнні новых спартыўных вяршынь. Каму ж не хочацца яшчэ раз стаць мацнейшым сярод мацнейшых, узняцца на спартыўны п’едэстал і ўладальнікам звання майстра спорту. А што атрымаў трэнер Сяргей Рашотка?
— Мне дастаўся куды больш каштоўны падарунак, — лічыць мужчына. — Перамога маіх сяброў яшчэ раз даказала маю трэнерскую вартасць. Прымусіла і маіх дзяцей памяняць адносіны да трэніровак і паверыць, што іншым часам пры належным старанні і поўнай аддачы і немагчымае магчыма.
У гэтым некалі нас бліскуча пераканаў Міхаіл Фясун, а сёння маіх вучняў — Арцём Булойчык і Міхаіл Кардымон.