Моладзь павіншавала ветэрана вайны са святам

     Сёння з Днём абаронцы Айчыны ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Ульянава павіншавала моладзь – першы сакратар РК БРСМ Кацярына Аўрачык, начальнік Бярэзінскага раённага аддзялення Дэпартамента аховы Данііл Тарацін і галоўны рэдактра раённай газеты Юлія Букель.

     На жаль, ветэрана ўжо падводзіць здароўе. Але шчырыя словы падзякі за мірнае неба, упэўнены, яму і сёння прыемныя.

     Доўгім і няпростым аказаўся жыццёвы шлях Мікалая Ульянава, перш чым ён трапіў на бярэзінскую зямлю. Адбылося гэта ў 1980-м годзе. З таго часу працаваў ён спачатку ў тагачасных райсельгастэхніцы, а потым – у сельгасхіміі, прысвячаючы сябе самай мірнай галіне — сельскай гаспадарцы. Яго працавітыя рукі не ведалі стомы, а назапашаны гадамі вопыт работы слесара дапамагаў у рамонце любой тэхнікі.

     Выбар занятку, відаць, быў абумоўлены тым, што вайны яму хапіла з ранняй пары. Са снежня 1943 года, з няпоўных васямнаццаці, Мікалай Васільевіч знаходзіўся на ваеннай службе. Да завяршэння Вялікай Айчыннай заставалася яшчэ паўтара года доўгіх дарог і выпрабаванняў. З годнасцю вытрымаў іх малады воін. Толькі ў 1950 годзе М. Ульянаў змяніў гімнасцёрку на цывільнае адзенне. Значны час працаваў вадзіцелем у Тамбоўскай вобласці, а затым воляй лёсу аказаўся ў Беларусі.

     Не так даўно Мікалай Ульянаў адзначыў 95-гадовы юбілей! Паважаны узрост. Жадаем Мікалаю Васільевічу моцнага здароўя!

IMG_6607-с-Средняя

IMG_6598-с-Средняя

www.berezino.by