Адна машына і пульт у дзяжурцы — успамінамі дзеліцца ветэран аддзялення аховы

     55 ГОД спаўняецца 14 ліпеня Мядзельскаму аддзяленню Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. Добры выпадак прыгадаць, як пачыналася гэта служба. Мой суразмоўца — яе ветэран, колішні старшы інспектар аддзялення Ілья НОВІК.
 

     — Раскажыце пра сваю працоўную біяграфію.

     — Адразу ў аўтабазе на аўтобусе працаваў. Тады калектывы накіроўвалі сваіх работнікаў на службу ў органы ўнутраных спраў. Вось і мяне накіравалі. Спачатку служыў у інспекцыі дарожнага нагляду — гэта як зараз Дзяржаўтаінспекцыя. Мой участак быў “Купа–Занарач”. Але жыллё мелася ў Мя­дзеле, таму перавёўся ў дзяжурку — памочнікам дзяжурнага. Пасля перайшоў у ахову. Быў у мотапатрулі, тады завочна закончыў Мінскую сярэднюю школу міліцыі. З 1978 па 1995 адслужыў старшым інспектарам аховы, у адстаўку выйшаў у званні капітана міліцыі.
 
     — Ілья Якаўлевіч, якой тады была служба аховы?
     — Сем міліцыянераў, пад сотню вартаўнікоў, ну і электрыкі, бухгалтар, касір. Кабі­нет наш быў на другім паверсе ў міліцыі. А пульт стаяў у міліцэйскай дзяжурцы. Там сядзеў наш вольнанаёмны вартаўнік — побач з дзяжурным міліцыянерам. На тры брыгады адна машына была — “бобік” на восем месцаў. Круглыя суткі працавала. Потым ужо начальніку “жыгулі” спісаныя далі, а нам — на кожны экіпаж — матацыклы з каляскай. Круглы год на іх ездзілі. У Балашысе, што за Масквой, вайсковую часць расфарміроўвалі — нам адтуль УАЗік аддалі. Сам па яго ездзіў — адзін, без шафёра. Ну а потым “масквіча” новенькага з Мінска прыгнаў. Усяго ў раёне пад аховай быў 121 аб’ект. Брыгады мелі­ся ў Свіры, у Нарачы, Соснах і Крывічах. У Княгініне — участак.
     — Працаваць у ахове было прэстыжна?
     — А як жа! Не кожнага туды возьмуць. Славамір Іванавіч Паўшок быў начальнікам. Як мяне на працу браў, усю вёску абышоў — пра мяне пытаўся. Хоць мяне і да гэтага правяралі, бо ў міліцыі ж служыў. І да вольнанаёмных пэўныя патрабаванні былі. Вартаўнікамі абы-каго не бралі — гля­дзелі, каб не судзімы, не п’яніца, цікавілі­ся пра яго на папярэднім месцы работы. Прыстойныя, добрыя людзі працавалі. Праўда, пераважна пенсіянеры: заробак быў невялікі — рублёў 60. Ну, ад сілы — 63 ці 65…
     — Што ўваходзіла ў абавязкі старшага інспектара?
     — Працы хапала. Па-першае, двойчы на год — абследаванне аб’ектаў, што знахо­дзіліся пад аховай. Па-другое, вёў кадравыя пытанні: афармляў вартаўнікоў, а спачатку, пакуль не было інжынера, — і электраманцёраў. Ну і правяраў работу вартаўнікоў.
     — Раскажыце пра цікавыя выпадкі са службы.
     — Абакралі магазін у райцэнтры на вуліцы Заазёрнай — гэта было адзінае ў раёне месца, дзе прадавалася спіртное. Злодзеем аказаўся жыхар Старога Мядзела. Ён выклікаў падазрэнне тым, што другі дзень хадзіў п’яны — а гарэлкі тады ўзяць не было дзе. Ну а пасля ён прызнаўся і ўкрадзенае ў яго знайшлі.
     Ці вось, напрыклад, у Свіры злодзей улез у аптэку. Вартаўнікі самі яго злавілі і ўтрымлівалі. Патэлефанавалі ў райцэнтр. Я адзін па злачынцу ездзіў. Надзеў яму наручнікі і павёз у Мядзел, там перадаў следчым.
     — А як тады была арганізавана ахова ў той жа Свіры?
     — Быў вартавы пакой, дзе стаяў канцэнтратар малой ёмістасці. Туды з кожнага аб’­екта паветраныя правады былі. Вартаўнікі сядзелі на пульце і адсочвалі. Быў распрацаваны маршрут, які яны абыходзілі. Усяго ў Свіры працавала шэсць чалавек, на службу заступалі па двое — праз дзве начы на трэцюю.
     — Што хочаце сказаць з нагоды юбілею Мядзельскага аддзялення аховы?
     — Пажадаць цяперашнім супрацоўнікам, каб усё ў іх добра было. Нас, ветэранаў, яны памятаюць: і на Дзень міліцыі запрашаюць, і на Дзень работнікаў Дэпартамента аховы. Прэміі даюць, за салодкі стол запрашаюць.

     За час існавання аддзялення аховы яго кіраўнікамі былі Аляксей Кажэўнікаў, Славамір Паўшок, Станіслаў Гарыновіч, Сяргей Самуленкаў, Віктар Хіла, Пётр Аніська, Ігар Саковіч. Зараз ад­дзяленне ўначальвае Аляксей Пруднікаў.