На службу з сабакам. Пра будні, святы і пераемнасць пакаленняў міліцыянераў-кінолагаў

Сярод супрацоўнікаў Мядзельскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь ёсць і тыя, хто нясе службу з сабакамі, — міліцыянеры-кінолагі.

— Навошта нам службовыя сабакі? Яны неабходны для пошуку людзей па пахавым следзе, затрымання правапарушальнікаў, вобыска памяшкання, каб адшукаць у ім схаванага злачынцу, — расказвае камандзір узвода міліцыі Дзмітрый Варабей. — Сярод міліцыянераў-кінолагаў існуе пераемнасць пакаленняў. Адзін з міліцыянераў-кінолагаў, які праслужыў больш за 20 год у аддзяленні, — Дзмітрый Баўтрамовіч. А ёсць малады супрацоўнік, які прыйшоў паўгода таму на службу і прыняў сур’ёзнае рашэнне перайсці на пасаду міліцыянера-кінолага. Гэта Павел Абодзіч. У кастрычніку яму прывезлі шчанё з гадавальніка службовых сабак Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы, які знаходзіцца ў Барысаве. Малады супрацоўнік быў ужо на падрыхтоўчых курсах, крыху пазней адправіцца на першапачатковую падрыхтоўку міліцыянераў-кінолагаў. У выніку ў нас будзе яшчэ адзін кінолаг.

Дадам, што, апроч службы, усе міліцыянеры-кінолагі прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні Дзён адчыненых дзвярэй у аддзяленні, выступаюць з сабакамі на розных святах і мерапрыемствах у Мядзеле.